Belarusian (original)
Самае галоўнае — кантакт з целам. Кантакт з момантам праз цела.
Што я цяпер адчуваю? Што я чую? Што ўнутры?
Я расслабляюся і аддаюся прасторы, сусвету. Мне не трэба нічога трымаць. Мне не трэба напружвацца, каб проста быць. Быць — гэта проста. Проста будзь. Адчувай.
Цяпло сонца на целе, гуд машын, гутарка людзей, грукат кузава, смех. Цяпло ад саграваючай кавы ўнутры. Я жыву. Мне нічога не трэба даказваць, нічога гаварыць, тлумачыць, аналізаваць. Можна проста быць.
Адкрываю вочы. Плывуць воблакі.
Нехта зайшоў. Хутчэй, ты павінна нешта рабіць!
Не. Не... Я нічога не павінна. Я тут, і я ёсць. Я ёсць жыццё. Яно тут — у гуках, у адчуваннях. Я і ёсць яно. І гэта галоўнае.
Таму заплюшчвай вочы. Памаўчы. Паслухай. Аддайся гэтаму моманту, гэтаму сусвету. У тым, што ёсць. Такой, якая ты цяпер. Не, не спрабуй быць лепшай. Не. Ты ёсць цяпер такая, якая ёсць. І гэта і ёсць жыццё.
Адчуй. Назірай. Проста пабудзь.
Не ацэньвай, не плануй. Будзь. Адпачні.
Так. Можна. Можна. Ніякага дазволу не патрэбна. Ты. Толькі ты можаш даць сабе дазвол проста быць. Я даю яго.
Будзь. Цябе дастаткова. Усяго дастаткова.
Не, не трэба рабіць фота кавы для Instagram. Проста адчуй яе смак. Гэта адзінае, што ты можаш зрабіць для сябе. Гэта тое, навошта ты тут. Адчуць жыццё. Цалкам.
Не, не збягай. Не хавайся, не пераацэньвай, не пераасэнсоўвай. Будзь.
Табе тут няёмка? Цесна? Няўтульна? Будзь. Проста будзь. Гэта проста гукі, проста думкі, проста адчуванні. Не больш, не менш. Гэта адбываецца — тое, што адбываецца цяпер — незалежна ад тваіх думак, тваіх турбот, клапот, планаў, меркаванняў, адзнак, спроб зрабіць лепей, некуды ісці, нешта рабіць. Жыццё ідзе. Яно разумнейшае. Яно мудрае. Ты нават не ўяўляеш, навошта гэта ўсё, адкуль і куды імкнецца. Проста будзь. Будзь часткай гэтай плыні. Без аналізу, без спроб структураваць, прааналізаваць, зразумець. Проста бууууудзь.
Ваблокі. Плывуць. Машыны гудуць. Людзі гутараць. Усміхаюся. Я жывая. Я жыву. Усё ў маёй галаве. Усё ў маіх думках. Турботы, клопаты, страх. А тут, цяпер — проста плыве, цячэ, гудзе, булькоча, шэпча, гамоніць, гутарыць Жыыыць-цёёё...